СпортНавины

Як беларусы перамагалi ў вышыванках (ВIДЭА)

 

Гэта здарылася на турніры Topking World Series, які трансляваўся на 170 краін свету. Дзмітрый і Марыя Валенты выходзілі біцца ў беларускіх вышыванках.


Двубоі прайшлі 13 верасня ў Мінску, хоць былі арыентаваныя пераважна на азіяцкія краіны. Было заяўлена, што толькі ў Кітаі аўдыторыя тэлегледачоў склала каля…300 мільёнаў чалавек.

У сценах Белдзяржцырка выступіў самы распіяраны баец муай-тай свету Буакаў, а таксама тры героі праекта “Байцоўскі ген”: Андрэй Кулебін, Дзмітрый Валент і гарадзенец Дзмітрый Варац. У якасці гасцей і секундантаў на байцоўскім шоу прысутнічалі Віталь Гуркоў і знакаміты італьянец Джорджыа Петрасян. Судзілі баі замежныя суддзі, пiша budzma.by. Сапернікаў беларусам прывезлі надзвычай моцных — чэмпіёнаў самага прэстыжнага тайскага стадыёна Люмпіні. Абслугоўвалі паядынкі замежныя суддзі і рэферы.

Лёсаванне звяло нашага Андрэя Кулебіна з надзеяй іранскага муай-тай Эйза Аламда Нязамам. У першым раўндзе зорны беларус меў пэўныя праблемы, у другім распачаў агрэсіўны наступ і ўрэшце накаўтаваў іранца ўдарам па сцягне (лоў-кікам). Такім чынам, Андрэй выйшаў у наступны этап турніра Topking World Series, які адбудзецца у Ганконгу.

«У пачатку бою я прапусціў локаць насустрач, таму спачатку прыглядаўся, не хацеў рызыкаваць. Ён біў нестандартна, размашыста. А потым, калі сапернік прытаміўся, пачаў браць сваё. Былі добрыя падказкі з майго кута. Усё пачало выдатна атрымлівацца. Гэта новая для мяне вагавая катэгорыя (70 кг). Буду рыхтавацца да наступнага этапу, да моцных удараў у гэтай катэгорыі трэба прызвычайвацца».

Гарадзенец Дзмітрый Варац (63 кг) выйшаў баксіраваць супраць чэмпіёна стадыёна Люмпіні Ранграві. Тайскі сапернік, збянтэжаны габарытамі беларуса і яго пісьменнай работай, так і не змог трапіць у зону камфорту. У першым жа раўндзе Дзмітрый стрэліў сваёй фірмовай напрацоўкай: без замаху трапіў хай-кікам у сківіцу Ранграві. У выніку — брутальны накаўт.

«Наўмысна рыхтавалі гэты ўдар пад Ранграві. Гэта вядомы баец, і ў інтэрнэце хапала відэазапісаў яго выступленняў. Мы з трэнерам прааналізавалі відэа, выявілі слабыя бакі саперніка і спадзяваліся альбо на ўдар правым каленам, альбо на хай-кік у галаву. Так яно і выйшла».

Дзмітрый Валент (77 кг) змагаўся супраць тайца Панома. У першым раўндзе беларус натрапіў на сустрэчны локаць і атрымаў цяжкае рассячэнне. У любы момант двубой маглі спыніць. Але ў другім раўндзе Валент феерычна выключыў Панома левым сустрэчным. Гэта цяжка апісваць. На гэта варта паглядзець.

«Рассячэнне локцем атрымаў, калі паляцеў наперад з апушчанай рукой. Выціраў кроў рукой і, у прынцыпе, кантраляваў саперніка. Вельмі хацелася перамагчы, Спадзяюся, што дам рады гэтай траўме і праз тыдзень змагу паехаць у складзе нацыянальнай зборнай на чэмпіянат Еўропы».

Дадамо, што на рынг Дзмітрый выйшаў у беларускай вышыванцы. Зрэшты, як і яго жонка Марыя, якая ў роўным двубоі саступіла кітаянцы.

СПОРТНАВIНЫ

Loading...

You must be logged in to post a comment Логин