СпортНавины

Нештучнае адкрыццё або чаму сем тысяч гледачоў лепш за адзінаццаць

 

Антон Рогач з’ездзіў у Барысаў, каб параўнаць першую гульню БАТЭ на новым стадыёне і фінал Кубка Беларусі, які адбыўся 3 траўня.


Дакладна тыдзень мінуў з дня афіцыйнага адкрыцця Барысаў-Арэны — і ўжо мясцовы БАТЭ праводзіць на стадыёне сваю першую гульню. Час ляціць хутка, таму атмасфера сустрэчы паміж гарадзенскім «Нёманам» і салігорскім «Шахцёрам» не магла не захавацца ў памяці яе наведвальнікаў. Давайце паспрабуем прааналізаваць, якая гульня была больш даспадобы шырокаму колу гледачоў.

Непасрэдна футбол тыднёвай даўніны, на жаль, адышоў на другое месца. У любым падручніку (напрыклад, кніга Йона Спэлстры «Агрэсіўны маркетынг») напісана, што спартовае мерапрыемства не павінна працягвацца больш, як за две-тры гадзіны. 3 траўня сітуацыя была іншая: уваход меўся ажыццяўляцца з 15:30 да 17:00. Як было анансавана дзесьці за тыдзень да мерапрыемства, пасля 17:00 служба бяспекі прыпыніць дагляд і ніводзін спазніўшыся не патрабіць на Барысаў-Арэну. На шчасце, жорсткі дэдлайн не быў усталяваны і акурат на выступ кіраўніка дзяржавы на трыбунах быў амаль аншлаг (тузін тысяч гледачоў прысутнічаў дакладна). Дапамагло гэтаму, сярод іншага, і скасаванне працы кропак грамадскага харчавання ў падтрыбунных памяшканнях на час цырымоніі адкрыцця.

Можна як заўгодна ставіцца да сцэнару усяго таго, што адбывалася пад час той урачыстасці, але цырымонія атрымалася насамрэч вельмі моцнай. І яе кульмінацыяй быў гімн дзяржавы. Па звычцы, пасля яго гучання пачынаецца футбол. Але не ў той вечар — да стартавага свістка заставалася больш за гадзіну. Не вельмі і здзівіла тое, што першыя наведвалінікі пачалі пакідаць стадыён ужо а 18-й. Лічба ў адзіннадцаць тысяч гледачоў адлюстроўвала іх колькасць у першым тайме. Але потым вышэйзгаданыя тры лімітавыя гадзіны скончыліся, што ўвогулле прывяло да таго, што за другім таймам назіралі звыклыя пяць-шэсць тысяч сапраўдных аматараў гульні №1. У мяне сапраўды быў боль у сэрцы з-за таго, што ў той вечар, напэўна, спартовая аўдыторыя ў Беларусі не вырасла нават на дзясятую долю адсотка. А шанец быў нядрэнны.

Учора ж было адкрыццё стадыёну менавіта для той каманды, якая будзе там гаспадаром, дай Бог, некалі дзесяцігоддзяў. Першыя змены былі заўважаны ўжо на ўваходзе: замест службы бяспекі прэзідэнта (дарэчы, ветлівыя, у параўнанні з АМАПам, грамадзяне), на ўваходзе для прэсы была толькі дзяўчына-сцюард. Непасрэдна на стадыёне атмасфера таксама была безтурботнай — ніхто не абмяжоўваў месцы, дзе маглі крочыць наведвальні згодна з правамі, якія вызначае акрэдытацыя або квіток (3 траўня ў сувязі з прыездам прэзідэнта на працягу 15 хвілін журналісты не маглі пакінуць межы прэс-цэнтра).

Цырымонія адкрыцця стадыёна менавіта для БАТЭ не была такой пампезнай, як тая, што мела месца перад фінальнай гульнёй за Кубак Беларусі. Выступаў, напрыклад, мясцовы гурт — саліст не раз выказаў любоў да БАТЭ. Хатняя, у агульным, цырымонія. І гэта выдатна! Пад час самой гульні штучныя эмоцыі, як гэта было на кубкавай гульне, адсутнічалі: я не ўбачыў ніводнага сцяга беларускага дзяржаўнага саюзу моладзі або «Белай Русі». Усе заўзелі за жоўта-сіні БАТЭ.

Быў толькі адзіны сумны момант. Буду мовіць шчыра: чакаў больш аматараў футболу. Але нават тыя 6785 гледачоў, што наведалі Барысаў-Арэну, стварылі выдатную атмасферу. Футбол выглядаў па-еўрапейску. Мэнэджмэнту БАТЭ і АБФФ ужо трэба думаць, як рабіць з сапраўды еўрапейскай атмасферы камерцыйны прадукт. Той жа ХК «Дынама-Менск» пасля змены Палаца спорту на Менск-Арэну шматразова павялічыў сваю аўдыторыю. Ці паўторыць гэта БАТЭ? Час пакажа.

Што тычыцца двух першых матчаў на Барысаў-Арэне, то другі спадабаўся сваёй шчырасцю. Тыдзень таму было не вельмі прыемна, што на другі тайм засталася дзесці палова гледачоў. Сёння ўсё было больш натуральна, шчыра і роўна.

Пасля заканчэння гульні, як і тыдзень таму, гледачы назіралі бліскучы феерверк. Мы ж нагадваем, што ўжо 15 траўня на Барысаў-Арэне адбудзецца, напэўна, самая наведвальная гульня першай паловы чэмпіянату — БАТЭ будзе гуляць з менскім «Дынама». На ёй будзе прысутнічаць і карэспандэнт СПОРТНАВІН.

Антон Рогач, СПОРТНАВІНЫ

Loading...

You must be logged in to post a comment Логин